У гістарычных дакументах Мікашэвічы значацца з 1785 года. Спачатку гэта было сяло маёнтка Ленін Слуцкага княства Радзівілаў. І стаяла тут усяго тры двары, а вакол - балота і лес.
Кажуць, першымі, хто адважыўся тут пасяліцца, былі ўцекачы з Літвы, Латвіі, Эстоніі і Расіі, якіх сагнала з родных зямель цяжкая доля. Шмат працы і сіл патрабавалася, каб адваяваць “свабодную” зямлю: высекчы лес, выкарчаваць пні, асушыць балоты. З’явіліся першыя курані - невялічкія хаціны з глінянай падлогай і саламянай страхой. На беразе ракі Валхвы, што ўпадае ў Прыпяць, пасяліўся першы жыхар - Мікалай, па прозвішчы Мікоша. Адсюль і назва паселішча - Мікашэвічы.
Магчыма, Мікашэвічы засталіся б глухой вёсачкай, каб не будаўніцтва Палескай чыгункі Пінск-Жыткавічы. Насып рабілі з пяску, які вазілі тачкамі. А ў жніўні 1882 года прайшоў першы цягнік.
У мястэчку Ленін - цэнтры воласці - жыў памешчык Агаркаў. Усе навакольныя лясы ад Случы да Хорастава, Мілевічаў і Гоцка, у тым ліку і тэрыторыя Мікашэвіч, былі яго ўладаннямі. У 1901-02 гадах Агаркаў пабудаваў у Мікашэвічах фанерны завод. Потым прадпрыемства было здадзена ў арэнду другому памешчыку - Чуднеру. З яго прыходам у Мікашэвічах пачынаецца будаўніцтва новых дамоў з чырвонай цэглы (некалькі будынкаў захавалася да нашага часу: касцёл, майстэрні СШ №3, былы дзіцячы садок “Сонейка” і іншыя). У час рэвалюцыі Чуднер з’ехаў за мяжу.

Гранітны кар’ер “Мікашэвічы”. Яго глыбіня складае болей за 130 метраў.
У 1921 годзе, калі Мікашэвічы адышлі да Польшчы, Агаркаў прадаў прадпрыемства франка-бельгійскай кампаніі “Ольза”. Завод стаў самым буйным у Заходняй Еўропе. Фанера, якая выраблялася на гэтым заводзе, ішла на будаўніцтва самалётаў.
Фірма “Ольза” праклала вузкакалейкі, каб лягчэй было перавозіць лес. Уручную пачалі капаць каналы для сплаву лесу. Зямлю з вырытага басейна выкарыстоўвалі для ўзвышэння мястэчка (калі ў 1960 годзе вялі водаправод, былі заўважаны насыпныя пласты).
У 1925-30 гадах з’явіліся белыя каменныя пабудовы бальніцы, канторы кампаніі “Ольза”, заводскія баракі па вуліцы Фабрычнай і завулку Фабрычнаму. Дырэкцыя фабрыкі арганізавала дзіцячыя яслі, дзе пад наглядам урача знаходзіліся дзеці работніц.
Таксама ў Мікашэвічах з’явілася мытня. Яна кантралявала тавараабмен паміж фірмай “Ольза” і гандлёвымі прадпрыемствамі. Фабрыка пастаўляла сваю прадукцыю за мяжу - у СССР, Англію, Галандыю, Германію, Егіпет, Грэцыю, Італію, Данію, Францыю, Чэхаславакію, Афганістан. У асноўным вывозілася фанера, кардон і авіяцыйная дэльта-фанера, якую амаль не выраблялі ў Еўропе.
Шырока вядомай стала фірма “Ахагель”, якая ў свой час набыла шмат лясоў у буйнога чучавіцкага землеўладальніка і ў выніку валодала 55 тысячамі гектараў лясоў і балот. Яна не толькі пастаўляла лес на фанерную фабрыку ў Мікашэвічы і была саўладальніцай гэтага буйнога прадпрыемства, але і стварыла некалькі паляўнічых акцыянерных таварыстваў.

Касцёл Унебаўзяцця Най-свяцейшай Панны Марыі - архітэктурны будынак з чырвонай цэглы, якому амаль 100 гадоў.Некалі тут размяшчалася бальніца, а зараз - дзіцячая музычная школа. Пабудове больш за 80 гадоў.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да СССР. Са студзеня 1940 года Мікашэвічы становяцца рабочым пасёлкам, цэнтрам сельсавета ў складзе Ленінскага раёна. А ў чэрвені 1950 года пасёлак стаў райцэнтрам, але толькі на 10 гадоў.
У час Вялікай Айчыннай вайны знакаміты фанерны завод быў цалкам разбураны, абсталяванне вывезена на Урал, вузкакалейкі разбіты. Прадпрыемства доўга аднаўлялася, лес на перапрацоўку да 1968 года дастаўляўся толькі сплавам.
У 1960 годзе ля Мікашэвіч былі знойдзены залежы граніту. Праз дзесяць гадоў пачалося будаўніцтва гранітаздабываючага прадпрыемства. Першы выбух у кар’еры прагучаў 21 кастрычніка 1973 года.
У 2005 годзе рабочы пасёлак атрымаў статус горада. Зараз Мікашэвічы налічваюць больш за 14.000 жыхароў. Ёсць 3 сярэднія школы і гімназія, дзіцячая музычная школа, 4 дзіцячыя сады, філіял Цэнтра дзіцячай творчасці, аздараўленчы цэнтр “Світанак”. Растуць новыя жылыя мікрараёны…
Выкарыстаны матэрыялы Мікашэвіцкага краязнаўчага музея і краязнаўчага гуртка гімназіі (кіраўнік Алена Нямчэня)
Галина Самуйлик, «ИП»
| < Предыдущая | Следующая > |
|---|
