Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Працякаюць рака Прыпяць з прытокамі (Случ, Лань, Цна, Смердзь, Бобрык), шэраг меліярацыйных каналаў. Найвялікшыя азёры — Белае, Чорнае, Вулька, водасховішчы — Велута, Сабельскае. Лясы, пераважна хвойныя, займаюць 40% тэрыторыі раёна, балоты — каля 15% (звыш 78 тысяч гектараў асушаны). Найвялікшы балотны масіў — Грычын. На тэрыторыі раёна поўнасцю ці часткова размешчаны заказнікі “Лунінскі”, “Борскі” і “Сярэдняя Прыпяць”. Запаведнае Белае возера вызначаецца не толькі чысцінёй вады, але і унікальнамі раслінамі — лабеліяй Дортмана (на тэрыторыі Беларусі сустракаецца толькі тут і ў возеры Свіцязь), палушнікам азёрным. Карысныя выкапні на тэрыторыі раёна — граніт, торф, пясок, гліна, сапрапель.
Праз раён прахозяць чыгуначныя лініі на Брэст, Гомель, Сарны, Баранавічы, аўтамабільныя дарогі Брэст-Гомель, Лунінец-Пінск, Лунінец-Ганцавічы, Мікашэвічы-Салігорск.
На тэрыторыі Лунінеччыны археолагамі выяўлены рэшткі шэрагу паселішчаў, пачынаючы з часоў неаліту. Сярод назваў археалагічных помнікаў — Гарбарава гара, Татарская магіла і інш. Раскопкі вяліся на гарадзішчы каля в. Кажан-Гарадок. Нямала і палеанталагічных знаходак, асабліва ля Мікашэвіч.
У сярэднявеччы шэраг населеных пунктаў Лунінеччыны належаў некалькім вядомым феадальным дынастыям ВКЛ, у тым ліку Радзівілам, Давойнам, Шчытам, Кішкам, Друцка-Любецкім і інш. У в. Дзятлавічы звыш за 200 гадоў існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр. Пры ім была досыць буйная бібліятэка, вёўся рукапісны сінодзік (памінальная кніга). Буйнымі мястэчкамі з’яўляліся Кажан-Гарадок і Лахва (у 1655 годзе спаленыя маскоўскімі войскамі). Шмат цікавых фактаў на тэму “Радзівілы ў Лахве” сабраў у наш час лунінецкі краязнавец С. Нефідовіч. Род Друцка-Любецкіх каля чатырох стагоддзяў валодаў вёскай Лунін, тут існавала палацава-паркавая сядзіба з унікальнай бібліятэкай, нейкі час працавалі мастак Міхал Кулеша, этнограф Рамуальд Зянькевіч (аўтар працы аб урочышчах і звычаях Пінска-Лунінецкага рэгіёну). У Кажан-Гарадку памешчыкі Шчыты таксама пабудавалі прыгожую сядзібу з палацам. На жаль, у цяперашнім Лунінецкім раёне не захавалася ніводная сядзіба з раней існаваўшых (звесткі аб іх утрымліваюцца ў кнігах Л. Несцярчука і А. Федарука). Зніклі многія храмы, і не толькі праваслаўныя, але і касцёлы, сінагогі (а некалі ж існавалі і кальвінісцкія храмы). З ацалелых да пабудоў архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў адносяцца праваслаўныя храмы ў Сінкевічах (Георгіеўская царква, 1723), Кажан-Гарадку (Свята-Мікалаеўская, 1818), Вялікіх Чучавічах (Пакроўская, 1846-51), Лахве (Прачысценская), пачатку ХХ стагоддзя — у Лунінцы (Свята-Крыжаўздвіжанская царква, 1912-21), Язвінках (Спаса-Праабражэнская, 1910), будынак былой лазні у пас. Палескі (былы маёнтак Крэстунова, 1905). Шэраг разбураных цэркваў у апошнія гады быў адбудаваны. Частка абразоў з храмаў Лунінеччыны цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.
Лунінец вядомы з 1449 г. як Малы Лулін, Лулінец. У 1588 г. налічвалася 75 двароў, 484 жыхары. У 1620-1842 гадах сяло належала Дзятлавіцкаму праваслаўнаму мужчынскаму манастыру. Пасля будаўніцтва Палескіх чыгунак у 1884-1886 гг. паскорылася эканамічнае развіццё края. У 1897 г. у Лунінцы было 855 двароў, 3167 жыхароў. Павялічылася і паселішча Мікашэвічы (вядома з 1785 года), дзе з’явіліся лесаапрацоўчыя прадпрыемствы.
У XVII стагоддзі праз Лунінеччыну праязджаў продак Лермантава Джордж Лермонт, у XVIII — вядомы расійскі навуковец і дзяржаўны дзеяч Васіль Тацішчаў і знакамітая “лекарка”, аўтарка мемуараў аб сваіх авантурных прыгодах Саламея Русецкая (Пільштынова), у XIX — рэвалюцыйны дэмакрат і публіцыст Франц Савіч, знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі, літаратар Казімір Кантрым. Уладзіслаў Сыракомля ўвасобіў у вершах паданне “Авідзій на Палессі” — Відуш-гару пад Кажан-Гарадком у паданнях называюць магілай славутага рымляніна. Праваслаўны святар з Луніна Платон Ціхановіч стварыў на мясцовым матэрыяле даследванне “Беларуская граматыка”. У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне збіралі матэрыялы вядомы лінгвіст-акадэмік Яўхім Карскі, этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, яго калега Ісаак Сербаў (у 2005 годзе з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны была перавыдадзена яго кніга “Вічынскія паляне” аб адной з мясцовасцяў Лунінецкага краю; упершыню гэтая кніга ўбачыла свет у 1928 годзе).
У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне вяліся меліярацыйныя работы, узнік шэраг новых паселішчаў, названых у гонар меліяратараў, у тым ліку вядомых навукоўцаў У.Р. Рыдзігера і А.Ф. Флярова, што працавалі тут. У 1904 годзе праз Лунінец праязджаў імператар Мікалай II, аб чым ёсць запіс у яго дзённіку.
У 1911-12 гадах у Лунінцы жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас, які стварыў тут шэраг сваіх твораў, частку паэмы “Сымон-музыка”. У 1947 годзе народны пясняр пабываў у Сінкевічах і Мікашэвічах у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета. Аб гэтых фактах з жыцця паэта нагадваюць некалькі мемарыяльных дошак, а ў 2005 годзе ў Лунінцы адкрыты помнік яму. Штогод ладзяцца літаратурныя святы “Каласавіны”. У час жыцця ў Лунінцы Якуб Колас быў знаёмы з жонкай мясцовага святара Соф’яй Прорвіч. Пазней яна стала праваслаўнай пісьменніцай, шмат друкуючыся ў рэлігійных выданнях Польшчы. Біяграфію зямлячкі ў наш час аднавіў краязнавец Васіль Туміловіч, а ў 2004 годзе ў Мінску быў выдадзены зборнік яе твораў “Любили отцы наши Бога”.
У 1916-17 годзе на Піншчыне і Лунінеччыне, у прыфрантавой зоне першай сусветнай вайны, служыў у інжынерна-будаўнічай дружыне знакаміты рускі паэт Аляксандр Блок, у гэты час край наведаў і пісьменнік Аляксей Талстой. На Лунінеччыне штогод адзначаюць гадавіны смерці Блока і даследчыка яго “палескага перыяду” жыцця, аўтара кнігі “Палескія дні Аляксандра Блока” (1985), лунінецкага пісьменніка і гісторыка Мікалая Калінковіча. У гонар Блока ёсць мемарыяльныя дошкі ў Лунінцы і на станцыі Лоўча, а М.Калінковічу ў Лунінцы пастаўлены помнік работы вядомага беларускага скульптара Мікалая Кандрацьева. Алег Лойка ў свой час напісаў верш “Блок у Лунінцы”. У час першай сусветнай у Лунінцы бываў і будучы вядомы савецкі дзеяч Міхаіл Фрунзе; захаваўся дом, дзе ён жыў. У 1918-20 гадах у Лунінцы працаваў настаўнікам будучы знакаміты авіяканструктар Павел Сухі (у 2005 годзе адкрыты помнік яму).
Пасля падзей рэвалюцыі 1917 года і савецка-польскай вайны край у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы. Захаваліся будынкі, дзе некалі месціліся Лунінецкі рэўком і штаб Палескага паўстання супраць кайзераўскіх войск. Крыху пазней на Лунінеччыне супраць польскіх улад дзейнічалі партызаны Кірылы Арлоўскага. У 1921 годзе Лунінец атрымаў статус горада і стаў цэнтрам аднайменнага павета Палескага ваяводства, налічваў у 1920-30-я гады каля 8 тысяч жыхароў. У многіх краінах Еўропы была вядома прадукцыя мікашэвіцкіх дрэваапрацоўчых фірмаў. Лунінецкі край вабіў не толькі турыстаў, але і польскіх этнографаў, фатографаў, напрыклад, Юзафа Абрэмбскага. Іх фотаздымкі праз шмат гадоў былі аб’яднаны ў альбоме “Палессе”, выдадзеным у Варшаве. У прыватнасці, там адлюстраваныя не толькі праца і побыт палешукоў, але і цікавы выгляд могілак у Лунінецкім павеце таго часу.
У міжваенны перыяд у Мікашэвічах нарадзіўся будучы польскі празаік Багдан Мадэй, у Лунінцы прайшло дзяцінства польскай пісьменніцы Марыі Тавяньскай-Міхальскай. Лунінец — радзіма польскага гісторыка Мечыслава Юхневіча. Тут нейкі час выкладаў Раман Гарашкевіч, заснавальнік музейнай і краязнаўчай справы на Пінскім Палессі. Выкладчык Лунінецкага рускага вучылішча Мікалай Анцукевіч пазней працаваў у Вільні, пераклаў “Слова аб палку Ігаравым”. Дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі ў той перыяд прысвечана кніга ўспамінаў ураджэнкі Лунінца Аляксандры Лабачэўскай-Каратышэўскай “Абпаленыя крылы”.
З 15 студзеня 1940 г. Лунінец — цэнтр раёна ў складзе Пінскай (з 1954 г. — Брэсцкай) вобласці. З даваеннага часу (а Лунінец быў вельмі разбураны ў гады Вялікай Айчыннай) захаваліся ўжо згаданая Свята-Крыжаўздвіжанская царква, касцёл святога Іосіфа (1935), частка вуліц Прывакзальнай, Гагарына і Фрунзе, у тым ліку будынкі былой польскай казармы (1939), друкарні, узведзены ў 1929 годзе дом, дзе цяпер месціцца раённы музей, будынак былой гімназіі, а цяпер чыгуначнай бальніцы (1908). Былі разбураны ў час вайны чыгуначны вакзал, многія іншыя будынкі. Не засталося згадак аб садзе адпачынку ля чыгункі, змяніўся выгляд прывакзальнага сквера, дзе некалі стаяў помнік кіраўніку Польшчы Пілсудскаму. Трэба адзначыць, што ў Мікашэвічах даваенная забудова захавалася значна лепей.
З ліпеня 1941 г. па ліпень 1944 г. раён акупіраваны фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі звыш 19 тысяч чалавек, звыш 2 тысяч вывезлі на прымусовую працу ў Германію. У райцэнтры ў дзвюх брацкіх магілах пахавана звыш 8 тысяч чалавек. Акупантамі быў знішчаны шэраг вёсак раёна, у тым ліку Белае Возера (не аднавілася пасля вайны), Сітніцкі Двор, Вулька 1, Мелясніца, Лугі, Ракітна, Дзятлавічы, расстраляны вязні гета ў Лахве (дзе ў час знішчэння ўспыхнула паўстанне вязняў), Лунінцы, Кажан-Гарадку, Мікашэвічах і інш. З дапамогай былых землякоў, што цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША, адноўлены і рэканструяваны помнікі ахвярам гета. Аб жыцці яўрэйскіх абшчын Лунінца і Кажан-Гарадка, Лахвы, іх трагічным лёсе распавядае шэраг кніг, выдадзеных пазней у Ізраілі (на іўрыце), у тым ліку Даган Бен-Цыёва “Мы — из восставшей Лахвы”. Былы лунінчанін Шымон Гарадзецкі - паэт, аўтар кнігі “Ехиэль-герой», а Шлома Ахітуў (Хвацюк) з Лунінца стаў у Ізраілі прафесарам гісторыі і паліталогіі. Дзмітрый Аркадзін (Вадзім Онгейберг) — аўтар некалькіх аповесцяў, напісаных у Ізраілі, у тым ліку кнігі “Адкрыты ўрок”. У 1999 годзе ў Літве выдадзена кніга “Пад бел-чырвона-белым. Memento patriam” дзеяча беларускай эміграцыі ў Аўстраліі Алеся Апанасавіча Алехніка, ураджэнца в. Перунова.
На тэрыторыі Лунінеччыны дзейнічала Пінскае партызанскае злучэнне на чале з В.З. Каржом, у тым ліку атрад (пазней брыгада) імя Кірава; існаваў шэраг падпольных арганізацый, у тым ліку Сінкевіцкае камсамольскае падполле. Сярод буйных партызанскіх аперацый — разгром у 1942 годзе гарнізона ў вёсцы Сінкевічы. У Мікашэвічах падпольшчык-кінамеханік Іван Канапацкі ў 1942 годзе падарваў кінатэатр з фашысцкміі карнікамі. У ліпені 1944 года Лунінеччына была вызвалена войскамі 61-й арміі 1-га Беларускага фронта, сямі вайсковым часцям былі прысвоены ганаровыя званні “Лунінецкія”. Аб падзеях вайны распавядаюць мемуары былых партызан (В. Літвінчук, М. Клеўжыц) і франтавікоў, шматлікія помнікі і мемарыяльныя дошкі, назвы вуліц (у Лунінцы — Арцюховіча, Бажэнавай, Вінакурава, Кулакевіча, Любімава, Панцялеева, Савіцкага, Шмыглёва і інш., у Мікашэвічах — братоў Цубы, Гразноўскага). Лунінец - радзіма генерал-палкоўніка, Героя Савецкага Саюза А.В. Петрушэўскага. Тут пахаваны Героі Савецкага Саюза М.С. Давыдаў, І.В. Пяцяры, П.В. Багданаў. У Лунінцы пасля вайны жыў поўны кавалер ордэна Славы В.І. Вараб’ёў. Тут нарадзілася Герой Сацыялістычнай Працы А.Д. Панькова. Такую ж узнагароду меў шматгадовы кіраўнік калгаса “Новае Палессе” у в. Любань Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка (сябар Андрэя Макаёнка, які працаваў тут над п’есай “Таблетку пад язык”; на Любанскім СДК ёсць мемарыяльная дошка ў іх гонар).
У пасляваенны час Лунінеччыну не абмінулі такія працэсы, як аднаўленне разбуранага вайной, калектывізацыя, меліярацыя (адным з яе навуковых цэнтраў стала Палеская доследная станцыя). У 1970-я гады былі пабудаваны буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Лунінцы і Мікашэвічах, значна вырасла колькасць жыхароў гэтых гарадоў, з’явіліся новыя жылыя мікрараёны. Лунінецкі раён пацярпеў ад чарнобыльскай навалы, частка яго забруджана радыянуклідамі. Дзевяць жыццяў лунінчан забрала вайна ў Афганістане, у 2003 годзе адкрыты помнік ім ў райцэнтры. Да не зусім звычайных помнікаў можна аднесці самалёт МіГ-17, устаноўлены на пастамент у памяць пра лётчыка-Героя Мікалая Давыдава, паравоз ТЭ-2099 ля лакаматыўнага дэпо (а на Прывакзальнай плошчы ў 2005 годзе адкрыты помнік да 120-годдзя Палескіх чыгунак у выглядзе мадэлі паравоза). Ля чыгуначнага вакзала ўстаноўлены неўзабаве пасля палёта Гагарына помнік у гонар асваення космаса.
У 1999 г. былі прынятыя гербы Лунінца і Мікашэвіч, а ў 2001 г. — іх сцягі.
Цяпер у Лунінцы пражывае каля 23 тысяч чалавек. Буйныя прадпрыемствы — „Палессеэлектрамаш», рамонтна-механічны завод, малочны завод, “Лунінецлес», лакаматыўнае дэпо. У 2002 годзе Лунінец быў газіфіцыраваны. Дзейнічаюць прафесійна-технічны ліцэй, сельскагаспадарчы каледж, 4 школы, ліцэй, музычная і спартыўная школы, 2 Дамы культуры, музей і інш.
У Мікашэвічах жыве каля 13 тысяч чалавек. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — “Граніт” (з вялізным кар’ерам па здабычы каменю), “Спецжалезабетон”. Існуюць тры школы і гімназія, вялікі Дварэц культуры і інш.
Усяго ў раёне налічваецца 14 прамысловых прадпрыемстваў, шэраг транспартны і будаўнічых арганізацый. У сельскай гаспадарцы занята звыш 6 тысяч чалавек. У 1990-х гадах існавала каля 20 калектыўных гаспадарак, цяпер іх колькасць зменшылася ў выніку рэфармавання, узбуйнення і г.д. Раён спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (сярод буйных свінакоплексаў — “Дварэцкі”), вытворчасці зерневых і бульбы. Агульная плошча сельгасугоддзяў - 76500 гектараў, з якіх звыш 59 тысяч га — асушаныя землі. Дастаткова вядома прадукцыя рыбгаса “Лахва”, дзе гадоўля рыбы пачалася яшчэ ў міжваенны час.
З Лунінеччынай звязаны старонкі жыцця многіх знакамітых у Беларусі людзей. Тут бывалі, у прыватнасці, Максім Танк і Максім Лужанін (у якасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета), Янка Брыль (аўтар нарыса пра мясцовага партызана Б. Цяльпука і дзённікавых запісаў аб пасляваенным Палессі), Уладзімір Караткевіч (які ў кнізе “Зямля пад белымі крыламі” называе лахвенскія мясціны сярод найпрыгажэйшых у Беларусі), Віталь Вольскі (раздзелы з кнігі “Палессе”), Яраслаў Пархута (раздзелы ў кнізе “Зямля бацькоў нашых”, аповесць “Адзінец”), многія іншыя літаратары. На Лунінеччыне ў розны час працавалі літаратары Мікола Федзюковіч і Аляксей Гардзіцкі, літаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук, гісторык Казімір Равяка, Герой Савецкага Саюза і гісторык Аляксандр Андрэевіч Філімонаў, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Аляксей Трафімавіч Каўко, краязнаўцы Расціслаў і Анатоль Бензярукі. Ва Украіну і Расію з’ехалі паэты і геолагі Уладзімір Харкевіч (кандыдат навук) і Уладзімір Плавінскі, у Карэліі цяпер жыве літаратар Леанід Верцель з Мікашэвіч. Былы кіраўнік гаркама КПБ Мікалай Прасмыцкі выдаў шэраг паэтычных зборнікаў. З Лахвай звязаны ўкраінскі мастак Уладзімір Кіркевіч, туркменскі і беларускі пісьменнік Міхаіл Карпенка.
У Мікашэвічах рос пасля вайны будучы пісьменнік Уладзіслаў Нядзведскі, які пазней расказаў аб гэтым перыядзе ў аповесці “Хлопцы з другога корпуса”. У Лунінцы прайшло дзяцінства Анатоля Іванавіча Нятылькіна, педагога, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і дэпутата парламента, а таксама заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Усеваладаўны Былінскай. У Лунінцы нарадзіліся генерал-маёр Георгій Уладзіміравіч Вярэніч, супрацоўнік ракетна-касмічнай карпарацыі Яўген Кулін, мінскі оперны саліст Мікалай Петровіч Качаноўскі, паэтэса Аксана Спрынчан, харэограф Наталля Паўлаўна Парахневіч, цяперашні маскоўскі тэатральны дзеяч Вадзім Феліксавіч Дубравіцкі і актрыса Таццяна Аляксееўна Калашнікава, у в. Лахва — камбрыг часоў грамадзянскай вайны Іван Данілавіч Трусевіч, міністр воднай гаспадаркі БССР Адам Пятровіч Басюкевіч, ваенны аташэ ў Японіі палкоўнік Уладзімір Дамброўскі, у в. Любань — намеснік начальніка Ваеннай акадэміі палкоўнік Леанід Іванавіч Забабуха, заслужаная артыстка Беларусі Марыя Пятроўна Маршак (Дзенісеня), у в. Бастынь — віцэ-адмірал Мікалай Паўлавіч Качановіч, генерал-маёр Іван Васільевіч Дырман, у в. Кажан-Гарадок — доктар сельгаснавук Сямён Васільевіч Кулеш, географ і палярнік Пётр Іванавіч Зіміч, прафесар Віцебскага медуніверсітэта Мікалай Рыгоравіч Луд, у в. Лунін — сябар Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Елянеўскі, у в. Багданаўка — гісторык, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржуніверсітэта Аляксандр Савіч. Нейкі час працаваў у раёне будучы прафесар медыцыны Георгій Уладзіміравіч Селюжыцкі. Дырэктарам Сінкевіцкай школы быў будучы знакаміты беларускі фалькларыст Анатоль Сямёнавіч Фядосік, а яго сын, доктар гістарычных навук Віктар Фядосік — ураджэнец Сінкевіч, як і паэт, бард Валерый Пазнякевіч. У Вічыне нарадзіліся старшыня Брэсцкага аблвыканкама (а раней міністр) Канстанцін Андрэевіч Сумар, доктар філасофскіх навук Павел Аляксандравіч Паўловіч, дэкан мінскай ВНУ Іван Канстанцінавіч Сумар, у в. Дубаўка — былы кіраўнік Дзяржкамдруку Беларусі, Саюза журналістаў і газеты “Звязда” Іван Пятровіч Макаловіч, у в. Ракітна — заслужаны настаўнік Беларусі, літаратар Васіль Макаравіч Туркевіч, у Кажан-Гарадку — літаратар Васіль Гусціновіч (пераехаў потым у Оршу), у Дрэбску — самадзейны паэт Павел Луд (жыве ў Жлобіне). Мемарыяльная дошка ў в. Дварэц (адкрыта ў 2005 годзе) нагадвае аб былым старшыні мясцовага калгаса і дэпутаце Вярхоўнага Савета Мікалаю Канюшыку. У Любачыне жыве вядомы за межамі Беларусі садавод Васіль Фёдаравіч Чэркас.
Сярод вядомых у розны час на Лунінеччыне калектываў мастацкай самадзейнасці — лунінецкі хор 1940-х гадоў, хор дэпо, аркестр педагогаў музычнай школы, хор ветэранаў “Спадчына” ГДК, фальклорныя калектывы “Світанак” (Дзятлавічы), “Жывіца” (Вулька 1), “Надзея” (Кажан-Гарадок), “Лабчанка” (Лобча), дзіцячыя “Сунічка” (Вулька 1) і “Паляшуцкія музыкі” (Дварэц). Фалькларыст А.Ліс прысвяціў некалі асобны нарыс народнай спявачцы Аўдоцці Клеўжыц з вёскі Сінкевічы. У Лобчы жыве самадзейная артыстка і фалькларыстка Настасся Якавец. Кажан-Гарадок — радзіма самадзейнага кампазітара Андрэя Гурбановіча, кіраўніка шэрагу ансамбляў Мікалая Вайцяхоўскага. У Лунінцы жылі і працавалі самадзейны кампазітар Яўген Якаўлевіч Куфайкін, хормайстар Барыс Іванавіч Шчур. У Багданаўцы жыве народны майстар (вырабы з гліны) Васіль Савіч, а калісьці яго аднавясковец Васіль Ільючык зрабіў знакаміты драўляны веласіпед, што экспануецца ў Пінскім музеі. У Дзятлавічах жыве сям’я майстроў і мастакоў Кацуба.
Шэраг кніг і брашур выдалі у Лунінцы (многія з іх — дзякуючы дзейнасці творчага клуба “Муза” на чале з Віктарам Карповічам) мясцовыя літаратары Віктар Філатаў, Вольга Грыдзюшка, Аляксандр Хаўдзееў, Сцяпан Нефідовіч, Галіна Гаргун, Рыгор Жук, Ірына Свібовіч, Таццяна Чумак, Анатоль Харламаў і інш.
Гаворачы аб спартыўнай гісторыі раёна, можна згадаць вядомага ў Польшчы ў 1930-я гады стаера Мікалая Адамчыка, вядомую лунінецкую мотабольную каманду, удзельніцу Алімпійскіх гульняў 2000 года лёгкаатлетку Ірыну Хлюставу, прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы сярод інвалідаў Сяргея Крывульца і Людмілу Грэбень.
У Лунінцы з 1978 года дзейнічае раённы краязнаўчы музей, які вядзе значную працу з краязнаўцамі, каардынуе выдавецкую дзейнасць, ладзіць краязнаўчыя чытанні. Сярод грамадскіх музеяў можна вылучыць музей вёскі Любань у мясцовай школе, музей гісторыі Мікашэвіч і літаратурны музей Ул.Нядзведскага ў гімназіі г. Мікашэвічы, музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Бастынскай СШ, экспазіцыю Лунінскай СШ, музей Я. Коласа ў Сінкевіцкай СШ, экалагічны музей СШ №1 г. Мікашэвічы. Пэўную працу па вывучэнні роднай гісторыі вяла і рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”. Ля вытокаў краязнаўства стаяў у Лунінцы настаўнік Георгій Аляксандравіч Вайндрах (пазней — навуковец ў Брэсце). Немалы ўклад ўнеслі ў вывучэнне гісторыі роднага краю Мікола Калінковіч, Леў Коласаў (ён жа — адзін з кіраўнікоў Беларускага саюза філатэлістаў), Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч, Іван і Ларыса Панасюкі, Таццяна Канапацкая, Ларыса Грамыка — аўтары шматлікіх публікацый і кніг аб Лунінеччыне. У 1995 годзе выйшла гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Лунінецкі раён”.
| Источник: | Лунінецкі сшытак. Спецвыпуск №2 |
| < Предыдущая | Следующая > |
|---|
